БАКАВА́Я ЛІ́НІЯ,

сістэма органаў пачуццяў у кругларотых, рыб і асобных земнаводных. Размешчана ў выглядзе паласы ўздоўж цела. У многіх рыб сістэматычная прыкмета. Лакалізуецца ў скуры і падскурных структурах цела і галавы. Складаецца з запоўненых вадкасцю каналаў, ампул і эпідэрмальных клетак. Групы адчувальных валасковых клетак падобныя да сенсорных клетак органаў слыху і вестыбулярнага апарату. Органы бакавой лініі дазваляюць успрымаць напрамак і скорасць цячэння, арыентавацца ў прасторы.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)